“Перакуленае навучанне (flipped learning) – гэта тэхналогія, для якой характэрна прынцыпова іншая, чым у традыцыйнай практыцы, арганізацыя дзейнасці настаўніка і вучняў”
М.Запрудскі "Сучасныя школьныя тэхналогіі – 3"
Тэналогія перакуленага навучання прадугледжвае, што замест звычайнага дамашняга задання ў традыцыйным яго разуменні вучні глядзяць кароткія відэалекцыі ў сетцы інтэрнэт або праглядаюць іншы матэрыял, самастойна авалодваюць тэарэтычнымі ведамі, а час, адведзены на вучэбныя заняткі, калі настаўнік знаходзіцца побач, выкарыстоўваецца для сумеснага выканання практычных заданняў. Адсюль і метафара “перакулены ўрок”: тое, што выконваецца на ўроку, вучні самастойна асвойваюць дома, а тое, што рабілі раней дома, – цяпер выконваюць на ўроку, значыць, займаюцца практыкай.
фактары рызыкі, з якімі могуць сутыкнуцца педагогі пры падрыхтоўцы і правядзенні перакуленых урокаў беларускай літаратуры на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі:
- павелічэнне нагрузкі на педагога, асабліва першапачаткова;
- педагог не валодае ІКТ-тэхналогіямі (неабходна авалодаць новымі навыкамі);
- педагог не карыстальнік сацыяльных сетак, сітуацыя не крытычная, але запавольвае зваротную сувязь з вучнямі ( у тым выпадку, калі яна не наладжана праз сайт/блог/тэлефон);
- адсутнасць у некаторых вучняў доступу ў інтэрнэт;
- непаразуменне з бацькамі, паколькі яны вучыліся па-іншаму.
- вучні не заўсёды паспяваюць запісаць за настаўнікам увесь матэрыял, біяграфічныя зветкі з жыцця пісьменнікаў, храналогію падзей, прычынна-выніковыя сувязі працэсаў і з'яў і г.д.;
- вучні не заўсёды разумеюць асабістыя запісы з-за вялікай колькасці скарачэнняў і неакуратнага почырку;
- многія вучні часта сумуюць на вучэбных занятках з-за таго, што стыль навучання пастаянна паўтараецца, робіцца манатонным, што правакуе парушэнне дысцыпліны;
- назіраецца завучванне вучнямі вучэбнага матэрыялу на памяць;
- на вучэбных занятках застаецца мала часу для адпрацоўкі вывучана матэрыялу, а праверыць выкананне дамашняга задання на наступным уроку настаўніку не заўсёды ўдаецца;
- новая інфармацыя падаецца вучням у гатовым выглядзе, вучню не трэба прыкладаць намаганняў для яе «дабывання», што прыводзіць да выхавання спажывецкіх адносінаў да жыцця;
- з-за недахопу часу на вучэбных занятках настаўнік практычна не можа арганізаваць індывідуальны падыход;
- асабістыя смартфоны, планшэты перашкаджаюць правядзенню традыцыйных вучэбных заняткаў;
- дамашнія заданні носяць у большасці рэпрадуктыўны характар, вучні не могуць пры іх выкананні атрымаць кансультацыю ад настаўніка.
- вывучэнне тэарэтычных асноў і практыкі здзяйснення перакуленага навучання;
- тлумачэнне бацькам і вучням актуальнасці і сутнасці новай практыкі навучання адбылося праз правядзенне бацькоўскіх сходаў, індывідуальных кансультацый;
- асэнсаванне праграмнага матэрыялу па беларускай літаратуры на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, матывацыя вучняў да навучання па-новаму;
- стварэнне асабістай вэб-старонкі ў інтэрнэце;
- падбор і размяшчэнне відэаўрокаў, іншых мультымедыйных прадуктаў на стронцы з акрэсленнем канкрэтных заданняў і вучэбных мэтаў;
- анлайн-кансультацыі, адказы на пытанні, якія ўзнікаюць пры разглядзе вучнямі матэрыялу дома;
- падрыхтоўка практычных заданняў, практыкаванняў
Аднойчы на вучэбных занятках па беларускай літаратуры ў ХІ класе я звярнулася да вучняў з наступнай прапановай: пазнайце героя па апісанні. Такія заданні не рэдкасць для вучняў, таму яны на поўным сур’ёзе ўдумліва прыслухаліся да маіх харыктарыстык: ён больш часу праводзіць дома, чым на вуліцы, яго хоббі – мабільны тэлефон ці камп’ютар, ён з усмешкай пазірае на дамашні тэлефон, ён не любіць карыстацца аўтаручкай, затое спрытна клацае пальчыкамі па клавіятуры, яго любімыя прадметы – смартфон, планшэт, камп’ютар, яго любімае асяроддзе – ВКонтакте, Instagram, Facebook, найлепшая пахвала для яго – лайк, рэпост, у яго сотні сяброў, яго свет прадстаўлены праз відэа і фота, для яго цікава бачыць перад сабой падобнага ў захапленнях. Так, сумненняў не было, героя пазналі, гэта быў герой нашага часу – сучасны вучань. Не раз задавалася пытаннем, якое міжволі выклікала ўсмешку: як жа працаваць педагогам з сённяшнімі “героямі”? Адказ відавочны, канешне, іх жа “зброяй”, сёння ў кішэні як педагогаў, так і вучняў – увесь свет!
Не будзем аспрэчваць той факт, што многія сучасныя педагогі прымяняюць у сваёй дзейнасці інфармацыйныя тэхналогіі, а ўстановы адукацыі забяспечаны камп’ютарнымі класамі, праектарамі, інтэрактыўнымі дошкамі, дакумент-камерамі, бесправадным інтэрнэтам, мабільнымі камп’ютарнымі класамі, мультыбордамі, якія адкрываюць новыя магчымасці для арганізацыі адукацыйнага працэсу на высокім узроўні, але прыходзіцца канстатаваць, што ў большасці выпадкаў настаўнік па-ранейшаму выступае ў ролі асноўнай крыніцы ведаў і інфармацыі, а вучню ж дастаецца роля спажыўца і пасіўнага слухача-назіральніка. Нярэдкія выпадкі выкарастання дарагога абсталявання толькі для дэманстрацыі.
Сучасная школа павінна ўлічваць інтэнсіўнасць патокаў інфармацыі, забяспечваць развіццё ў вучняў навыкаў яе крытычнага аналізу, творчай дзейнасці і эфектыўнага ўвасаблення ідэй. З пасіўнага паглынальніка ведаў дзіця павінна пераўтварыцца ў іх актыўнага дабытчыка, шукальніка ісціны, першаадкрывальніка, мысліцеля, распрацоўшчыка.
Зброяй у руках педагога на сённяшні дзень можа стаць рэалізацыя мадэлі перакуленага навучання (перакуленага ўрока, перакуленага класа), у рамках якога зрушваюцца прыярытэты з навучання на вучэнне, з перадачы вучням гатовай інфармацыі на працэс яе дабычы вучнямі.
Усё названае вышэй паўплывала на маю педагагічную дзейнасць і знайшло адлюстраванне ў выкарыстанні перакуленай мадэлі навучання на ўроках беларускай літаратуры на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі для фарміравання навыкаў самаадукацыйнай дзейнасці вучняў. З 2016 года дзяржаўная ўстанова адукацыі “Міхалішкаўская сярэдняя школа” рэалізуе рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі “Перакулены ўрок” як механізму павышэння якасці адукацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, кіраўнік інавацыйнага праекта – Запрудскі Мікалай Іванавіч, прафесар кафедры педагогікі і менеджмента адукацыі дзяржаўнай установы адукацыі «Академия последипломного образования», кандыдат педагагічных навук, дацэнт, галоўны рэдактар навукова-метадычнага часопіса “Фiзiка: праблемы выкладання”. Тэхналогія дазваляе прадставіць вучням магчымасць для самастойнага вывучэння матэрыялу, а настаўніку – для індывідуалізацыі навучання. Перакулены ўрок характарызуецца зменай ролі настаўніка, які пакідае сваю цэнтральную пазіцыю на карысць большага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ў працэсе навучання. Таксама адбываецца і суправаджаючая змена ролі вучняў, многія з якіх раней былі пасіўнымі ўдзельнікамі працэсу навучання, дзе веды падаваліся ім у гатовым выглядзе.
Свой маршрут рэалізацыі мадэлі перакуленага навучання для фарміравання навыкаў саадукацыйнай дзейнасці вучняў на ўроках беларускай літаратуры на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі прадстаўлю праз алгарытм:
- вывучэнне тэарэтычных асноў і практыкі здзяйснення перакуленага навучання. Вялікую падтрымку аказаў семінар М.І. Запрудскага па тэме «Перакулены ўрок: праектаванне і правядзенне», вывучэнне матэрыялаў сеткі інтэрнэт, здзяйсненне падпіскі на электронную рассылку “Майстэрні Марыны Курвітс: адукацыйныя інавацыі жывуць тут!”
- тлумачэнне бацькам і вучням актуальнасці і сутнасці новай практыкі навучання адбылося праз правядзенне бацькоўскіх сходаў, індывідуальных кансультацый;
- асэнсаванне праграмнага матэрыялу па беларускай літаратуры на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, матывацыя вучняў да навучання па-новаму – спланавала сваю дзейнасць па ўкараненні мадэлі «Перакулены ўрок», прааналізавала праграмны матэрыял і акрэсліла для сябе найбольш удалыя рэсурсы сеткі інтрнэт па прадстаўленні новага вучэбнага матэрыялу для вучняў. Праводзячы работу з вучнямі па азнаямленні з плануемым навучаннем, зматывавала іх дзейнасць праз аповед пра тое, як адбываецца навучанне ў аднагодак у школах ЗША, Расіі і ва ўсіх развітых краінах;
- стварэнне асабістай вэб-старонкі ў інтэрнэце – прааналізаваўшы з шэрагу магчымых (Edmodo, 4portfolio, Google), выбар быў зроблены на карысць адной з сістэм кіравання вучэбным працэсам – Google, функцыянал якой дазваляе даваць заданні і рабіць каментарыі па тэкстах выкананых работ. Платформай жа для стварэння ўласнага сайта была выбрана Wix.com — міжнародная воблачная платформа для стварэння і развіцця інтэрнэт-праектаў. На платформе wix.com быў створаны персанальны сайт “Ў.by” (https://zjuma1983.wixsite.com/uuuu), які штодня “жыве”: папаўняецца, прымае карэкцівы і прапановы па ўдасканаленні з боку вучняў Х-ХІ класаў;
- падбор і размяшчэнне відэаўрокаў, іншых мультымедыйных прадуктаў на стронцы з акрэсленнем крытэрыяў – выкарыстоўваю гатовыя матэрыялы з сеткі інтэрнэт (відэасустрэчы з пісьменнікамі, мастацкія фільмы па творах беларускай літаратуры, прэзентацыі, тэксты крытычных артыкулаў і інш.), якія ў поўнай меры адлюстроўваюць сутнасць вывучаемай тэмы, або прапаную свае распрацоўкі. Абавязкова дадаю да прадстаўленых матэрыялаў некалькі пытанняў, заданні ці невялікі тэст для маніторынгу засваення вучэбнага матэрыялу, якраз абавязковай умовай арганізацыі дамашняга задання вучняў у рамках перакуленага навучання з’яляецца наяўнасць крытэрыяў “НаШтоБуЗУ” (На Што Буду Звяртаць Увагу).
Прывяду прыклады дамашніх заданняў па беларускай літаратуры для вучняў Х-ХІ класаў па мадэлі перакуленага навучання.
Тэма “Мастацкі свет лірыкі Алеся Разанава” (ХІ клас).
Задачы:
1. Прагледзьце эпізод аналізу Алесем Разанавым верша М.Стральцова "Пад шоргат кропель дажджавых...", які пачынаецца з 6.20 хвіліны відэа ў закладцы “Беларуская літаратура: перакулены ўрок” на сайце https://zjuma1983.wixsite.com/uuuu.
2. Вызначце і запішыце ў сшытак крытэрыі (не менш 5), па якіх пісьменнік аналізуе верш.
3. Прааналізуйце верш А.Разанава (закладка на сайце “Тэксты твораў” на выбар: "Радзіма...", "На гэтай зямлі", "У крузе", "Спадчына", "Горад"), скарыстаўшыся вызначанымі крытэрыямі з папярэдняга аналізу.
Тэма “Аповесць Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Роздум аб прызначэнні чалавека на зямлі, аб лёсе беларускага народа, узаемасувязі розных гістарычных эпох” (Х клас).
Задачы:
1. Прагледзьце экранізацыю твора Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне Караля Стаха", пачынаючы з 10.30 па 18.15 хвіліны (сцэна святкавання дня нараджэння Надзеі Яноўскай) на сайце https://zjuma1983.wixsite.com/uuuu.
2. Параўнайце экранізацыю з тэкстам мастацкага твора (прагледжаны эпізод) з мэтай вызначэння ролі рэжысёрскага бачання твору.
3. Падрыхтуйце 5 пытанняў для сваіх аднакласнікаў па прагледжанаму відэа (паглыблены аналіз).
4. Выканайце тэст на сайце ў закладцы "Тэсты. Практыкаванні – Беларуская літаратура" – "Дзікае паляванне караля Стаха".
Тэма “Грамадскае і асабістае ў апавяданні М.Зарэцкага “Ворагі” (Х клас).
Задачы:
1. Успомніце, што такое мастацкая дэталь у літаратурным творы і падмацуйце свае веды, азнаёміўшыся з паняццем “Дэталь мастацкая” ў міні-слоўніку ў закладцы “Тэксты твораў” на сайце https://zjuma1983.wixsite.com/uuuu.
2. Запоўніце табліцу (гіперспасылка на табліцу), звярнуўшыся да зместу апавядання М.Зарэцкага “Ворагі” (не менш 5 мастацкіх дэталей). (Запоўненую табліцу вучні дасылаюць настаўніку)
3. Прагледзьце відэа з 12.00 хвіліны па 18.20 адкрытай лекцыі Аляксея Стрэльнікава і адкажыце на пытанне: у чым праяўлецца адметнасць стылю пісьменніка.
4. На прыкладзе аднаго з герояў апавядання пакажыце, які выбар быў зроблены ім паміж грамадскім і асабістым, чым ён кіраваўся ў сваім выбары.
Лічу неабходным адзначыць, што матэрыялы, змешчаныя на сайце або прапанавыныя вучням з іншых крыніц, не капіруюць змест падручнікаў, а дапаўняюць, пашыраюць кругагляд. Тэарэтычная частка часам кампануецца з розных крыніц, можа прадстаўляцца ў выглядзе схем, графікаў, мадэляў і інш.
- анлайн-кансультацыі, адказы на пытанні, якія ўзнікаюць пры разглядзе вучнямі матэрыялу дома – раблю акцэнт на суправаджэнне навучання і стварэнне ўмоў для пазнаваўчай дзейнасці вучняў. Калі ў вучняў узнікаюць пытанні, яны атрымліваюць анлайн-кансультацыю ці высвятляюць у групе на наступным уроку (у залежнасці ад тэмы). Для станаўлення самаадукацыйнай кампетэнтнасці і падтрымання працэсу навучання пры падрыхтоўцы да “перакуленых урокаў” мной выкарыстоўваюцца магчымасці сеткавых зносінаў (створаны закрытыя групы “ВКонтакте”, Viber). Лічу неабходным забяспечваць максімальна магчымую інтэрактыўнасць зваротнай сувязі, магчымасць групавых зносінаў, такім чынам будуючы індывідуальную самаадукацыйную траекторыю. Кожны вучань чакае каментарыя па выкананым заданні, тым больш – індывідуальнага, дасланага менавіта яму;
- падрыхтоўка практычных заданняў, практыкаванняў – тэхналогія перакуленага навучання дала магчымасць якасна арганізаваць на вучэбных занятках сумесную вучэбную дзейнасць, уключаючы ў розныя віды работ усіх вучняў класа. На занятках падобнага тыпу педагог адчувае сябе ўпэўнена ў магчымасці выкарыстоўваць элементы самых розных педагагічных тэхналогій: час, вызначаны на правядзенне практычных заняткаў на ўроку, можа складаць нават да 40 хвілін.
Важнейшай умовай эфектыўнасці перакуленага ўрока беларускай літаратуры на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца падрыхтаванасць будучых выпускнікоў умення здзяйсняць сваю самаадукацыйную траекторую надалей, выпрацоўка ўмення вучыцца самастойна. Лічу, што шырокі спектр выкарыстання адукацыйных інтэрнэт-сервісаў дазваляе разнастаіць работу вучняў у сетцы, садзейнічае росту зацікаўленасці іменна да вучэбнага матэрыялу, выклікае жаданне ў вучняў дабівацца поспеху ў сваім самаадукацыйным маршруце, паступова адбываецца фарміраванне самаадукацыйнай кампетэнцыі. У такой сітуацыі “герой” нашага часу адчуваюць сябе камфортна, бо сярод вялікага патоку інфармацыі ён ведае, для чаго і ў якім напрамку трэба рухацца, і, што вельмі важна, у сваім асяроддзі!
Святлана Саўко